Гедымін, фэст і жудасныя прылады

У падарожжа па вобласці я паехаў на сваёй Lancia Lybra, якую "чыпануў" у канцы мая. Таму вандроўка асабіста для мяне ў нейкім сэнсе ператварылася ў тэст-драйв, бо за гэты час я яшчэ не выязджаў за межы горада і не магу параўнаць, як змяніўся расход паліва. У гарадскім рэжыме ён застаўся такім самым. Як высветлiлася падчас паездкі, не змяніўся і ў трасавым, што нядрэнна на фоне прыкметнага павелічэння магутнасці.

Пачынаем наша падарожжа са старажытнай Ліды. Горад знаходзіцца на адлегласці 165 км ад Мінска і 100 км ад Гродна. Яшчэ на пад’ездзе да вёскі Астроўля аўтамабілістаў сустракае дарожны знак, стылізаваны пад частку замка. Побач зроблена пляцоўка, на якую можна заехаць і зрабіць здымак, каб потым прасцей было адзначыцца ў сацсетках, куды вас занесла.

Убачыўшы лічбы 1323, мімаволі пачынаеш думаць, што праз некалькі хвілін трапіш у старажытны горад, у якім захавалася шмат помнікаў архітэктуры розных часоў. Аднак на вялікі жаль гэтыя спадзяванні засталіся марнымі. Цэнтральная частка Ліды больш нагадвае не сярэднявечны, а савецкі горад з тыповымі будынкамі накшталт Дома гандлю і шэрымі гатэлямі.

На дзіва хутка знаходзім месца для паркоўкі і накіроўваемся ў замак Гедыміна. Замак працуе шэсць дзён на тыдзець. Выхадны – панядзелак. Каб патрапіць унутр, дарослым давядзецца заплаціць 9 рублёў, школьнікам – 5, для дашкалят уваход бясплатны. 

Экскурсіі аплочваюцца асобна, каштуюць ад 10 да 30 рублёў у залежнасці ад аб’ёму. Па словах супрацоўнікаў музея, іх працягласць ад адной да двух гадзін. У залах выстаўлены экспазіцыі, прысвечаныя розным тэмам. Там вы зможаце ўбачыць шмат цікавага: старые здымкі замка, рыцарскія даспехі, разнастайныя прылады для допытаў і катаванняў.

Пакой з не самымі пазітыўнымі дэвайсамі лепей наведваць без малых дзетак, каб гід мог больш падрабязна распавесці, як і ў якіх выпадках выкарыстоўваліся гэтыя прылады. 

З верхняй часткі замка праглядаецца  ўнутраны дворык са сцэнай і месцамі для гледачоў. Звонку бачна вадасховішча, якое з некаторых ракурсаў нагадвае сэрца. 

Каля паўночнай сцяны замка стаіць манумент яго заснавальніку Гедыміну. Помнік малады, яго адкрыццё адбылося 7 верасня 2019 года, падчас юбілейнага фестывалю LIDBEER. Дарэчы, праз COVID пазалеташні фестываль пакуль застаецца пятым і апошнім.

Апроч замка ў Лідзе можна наведаць касцёл Узвіжання Святога Крыжа і дом, у якім некалькі год жыў беларускі пісьменнік Валянцін Таўлай. Гэтыя славутасці наўрад ці змогуць вас моцна ўразіць, але з улікам іх знаходжання побач з замкам можна звярнуць увагу.

Белагруда: месца, дзе абавязкова трэба пабываць

Пасля Ліды мы накіроўваемся ў вёску Белагруда, якая знаходзіцца ў 15 км ад горада. Ехаць трэба па трасе М6 у бок Гродна. Дарожных указальнікаў, якiя вядуць да касцёла Святога Міхаіла Архангела, хапае, таму не заблукаеце. 

Храм пабудаваны ў неагатычным стылі, выглядае вельмі эфектна, на тэрыторыі знаходзяцца могілкі і званіца XIX стагоддзя.

Цагляны касцёл, драўляная званіца, старыя могілкі і велізарныя дрэвы разам са спевамі птушак і цудоўным надвор’ем ствараюць надзвычайную атмасферу.

Побач працякае рака Дзітва, ёсць невялікі пляж. Непадалёк стаіць памятны знак з інфармацыяй аб тым, што тут знаходзіліся селішчы перыяду сярэднявечча. Месца жывапіснае, таму, калі вы аматар пікнікоў падчас падарожжаў, вам тут хутчэй за ўсё вельмі спадабаецца. 

Вёска Белагруда нас так уразіла, што мы параілі б вам сюды завітаць, нават калі вы проста будзеце ехаць па М6 не з турыстычнымі намерамі.

Свежы асфальт, вайсковае мінулае і сямейка буслоў

Наступны пункт нашага падарожжа – а.г. Тарнова, тут знаходзіцца былая сядзіба Грабоўскіх. Сёння гэта шматкватэрны дом з пластыкавымі вокнамі і жалезнымі дзвярыма з дамафонамі. I заязджаць сюды варта толькі таму, што знаходзіцца гэтая славутасць па дарозе да больш цікавых мясцін.

У адрозненні ад Тарнова вёска Мураванка – месца, куды, безумоўна, трэба заехаць. Тут сярод прыватных двароў стаіць царква Нараджэння Багародзіцы. Храм абарончага тыпу пабудаваны ў XVI стагоддзі.

Тэрыторыя вакол настолькі шчыльна забудавана прыватнымі домікамі, што з дарогі храм можна нават і не заўважыць, таму будзьце ўважлівымі, каб не праскочыць старажытную царкву, побач з якой жыве сямейка буслоў.

Першапачаткова планавалася, што наступным супынкам на шляху будзе вёска Дзікушкі. Там да нашых дзён захаваліся рэшткі сядзібы Грабоўскіх, але перспектыва ехаць па грунтовай дарозе адбіла гэтае жаданне, таму мы адразу накіраваліся ў Жалудок. 

Дарэчы, калі ўвогуле казаць пра дарогі, то з большага яны ў годным стане, а рух на іх проста мізэрны. Прыемна здзівіла і тое, што па дарозе сустракаліся дарожныя рабочыя, на некаторых адрэзках трасы пакладзены свежы асфальт.

З асалодай назіраючы за прыродай і пустымі дарогамі беларускай глыбінкі, дабіраемся да Жалудка, дзе месціцца палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх. Месца даволі папулярнае по тый прычыне, што інфармацыя пра лёс палаца апошнім часам часта трапляе ў навіны.

У гэтага палацава-паркавага комплексу бурная біяграфія. У “лепшых” традыцыях СССР з 1960 гадоў яго тэрыторыяй валодалі вайскоўцы. Аб вайсковым мінулым палаца дагэтуль нагадваюць чырвоныя зоркі на столі. Пасля распаду краіны Саветаў вайсковую частку расфармавалі, а палац перадалі Акадэміі навук. У тыя часы тут здымалі кліпы і нават першы беларускі хорар "Масакра". А зараз будынак паціху працягвае разбурацца...

Усё павінна было змяніцца пасля таго, як у 2014 годзе ў палаца з’явіліся новыя гаспадары з Расіі. Аднак далей планаў па рэстаўрацыі справы не пайшлі.

Будынак трухлее, яго стан прызнаны аварыйным. Нарэшце, у верасні мінулага года суд пастанавіў канфіскаваць сядзібу ў расійскіх уладальнікаў, бо яны не выканалі сваіх абавязацельстваў. Цяпер палац Святаполк-Чацвярцінскіх чакае новы аўкцыён. 

Уваход на тэрыторыю бясплатны, але жадаючыя могуць заплаціць любую суму, якая будзе лічыцца ахвяраваннем. Нам пашанцавала, дзверы былі адчынены, а таблічак "уваход забаронены" ці "небяспечная зона" мы не заўважылі, таму прагуляліся па палацы. Але там сапраўды небяспечна, таму раім устрымацца ад такой экскурсіі.

Увесь час, пакуль я шпацыраваў па тэрыторыі парка, за мной сачыў статак баранчыкаў, якіх, як высветлілася, завезлі сюды ўжо былыя “новыя” гаспадары з Расіі.

Апошняя кропка нашага маршруту – касцёл Святых Пятра i Паўла ў вёсцы Ражанка Шчучынскага раёна. Храм – помнік архітэктуры неаготыкі, пабудаваны ў 1674 годзе, з 1960-га да канца 1980-х тут была крама.

Мой маршрут пачынаўся і заканчваўся ў Гродна, агульны прабег за дзень склаў амаль 300 км. З сярэднім расходам каля 5,5 літра атрымалася, што выдаткі на падарожжа з улікам паліва, абеда ў KFC і маленькага перакусу з кавай на запраўцы выйшла каля 60 рублёў.

На гэтым усё! Дарэчы, калі вы плануеце падарожнічаць не адзін дзень і хочаце працягнуць знаёмства з Гродзеншчынай, можаце адразу накіроўвацца ў Гродна. Пра тое, што цікавага можна паглядзець у гэтым горадзе і раёне, Аўтабізнес пісаў летась.

Бягуць кіламетры, ідуць гады. Патрыманыя машыны ў базе Аўтабізнеса

Чтобы сообщить об ошибке, выделите текст и нажмите Ctrl+Enter

Подписывайтесь на ABW и читайте новости раньше всех!