Ад рэдакцыі. Калі тэма вас зацікавіла, але зручней чытаць на рускай мове, перайдзіце па спасылцы.

"Падчас чарговага званка мне сказалі: "Машыну прадалі, каму – не памятаем"

– Гэта гісторыя пачалася ў 2013 годзе, калі мне было 19. Я толькі атрымаў пасведчанне кіроўцы і збіраўся набыць свой першы аўтамабіль. У маіх бацькоў машыны не было, а я з дзяцінства марыў аб ёй. І адразу, як дасягнуў паўналецця, атрымаў "правы".

Першы аўтамабіль мне аддаў цесць. Гэта быў стары Opel Ascona 1985 года, які некалькі год запар стаяў у гаражы і знаходзіўся ў вельмі сумным стане. Мы яго выцягнулі, пафарбавалі, падварылі, трохі паставілі на ход, і я паехаў дадому. Сам я родам з Полацка і жыў там, а бацькі жонкі жылі ў Маладзечанскім раёне – інакш кажучы, каля 200 кіламетраў на гэтай машыне я здолеў праехаць.

Аднак далей гэты Opel амаль што і не ездзіў – у яго было вельмі шмат тэхнічных праблем. Я спрабаваў яго рамантаваць, з пераменным поспехам у наступныя некалькі месяцаў падымаў яго з каленяў, ён зноў падаў, у выніку зімой у машыны "накрыўся" старцер. Пасля гэтага я зразумеў, што з гэтым аўтамабілем мой лёс не складзецца. Ён быў больш-менш ладны па кузаву, і я падумаў, што за добрыя грошы яго ўсе роўна не прадам, але можна паспрабаваць на што-небудзь абмяняць.

Што тычыцца дакументаў, Opel стаяў на ўліку на знаёмым майго цесця, які аформіў даверанасць спачатку на мяне, а пасля я перадаверыў наступнаму пакупніку. У той час да гэтага адносіліся прасцей – ніхто не думаў, што праз некалькі год могуць увесці падатак, а штрафы па камерах яшчэ не былі такой праблемай.

У 2015 годзе я размясціў аб’явы на розных сайтах, мне патэлефанаваў мужчына з Міёраў і прапанаваў абмяняць Opel на Ford Scorpio 1989 года "ключ на ключ". Як я зразумеў, у яго некалі быў такі Opel, а зараз узніклі нейкія настальгічныя думкі, зноў захацелася такі ж аўтамабіль. "Скарпа" ён раней браў для будоўлі, больш гэта машына была непатрэбна. Я пагадзіўся. Opel мы зачапілі на трос і павалаклі ў Міёры. Адтуль на "скарпе" я прыехаў у Полацк сваім ходам. З дакументамі ў маім другім аўтамабіле было амаль як і ў першым – ён быў аформлены на нейкага чалавека з Віцебска, з той розніцай, што тут даверанасці не было.

Ford быў лепшы за Opel, і я нават некалькі разоў з’ездзіў у Маладзечанскі раён да сваякоў. Думаў перааформіць яго на сябе, але там была праблема – нумар кузава завараны зверху пласцінай. Перад тым як думаць пра афармленне, патрэбна было прайсцi экспертызу. Збіраўся гэтым заняцца і нават знайшоў кантакты ўласніка з Віцебска, які быў згодны дапамагчы. Ён сказаў, што яму ўсё роўна, што будзе з гэтай машынай, і каб я прыязджаў, калі хачу, а калі не хачу, ён не будзе настойваць.

Я пачаў рыхтавацца, але выпадкова ў Полацку знайшоў у вельмі добрым стане яшчэ адзін Ford Scorpio 1986 года за 3 мільёны недэнамінаваных рублеў (на той час каля 140 даляраў). Аўтамабіль быў выдатны па кузаву, але не на хаду, некалькі год стаяў на адным месцы. У мяне з’явіўся план сабраць з дзвюх машын адну. У выніку купіў і перааформіў на сябе, таму што прадавец быў згодны аддаць яго толькі з пераафармленнем ці спісаць ва ўтыль. Але, як пасля стала зразумела, гэта было не лепшым рашэннем.

Мы пачалі з сябрамі збіраць з двух "фардоў" аднаго, недзе на сярэдзіне гэтай працы імпэт знік, і па знаёмай схеме машыны былі выкладзены на ўсе магчымыя барахолкі з тэкстам: "Памяняю паўтара "скарпа" на адну жывую машыну". Ад першага Ford на той момант кузаў быў ужо парэзаны і здадзены ў метал, засталіся запчасткі. У выніку прыехалі людзі з Віцебска, прывезлі Mazda 626 1989 года і забралі недабудаваную машыну разам з рэшткамі запчастак.

Mazda я на сябе аформіў, а наконт маёй машыны мы з імі дамовіліся, што паставім на ўлік, калі яна будзе на хаду. Спачатку ўсе iшло добра: раз у месяц я ім тэлефанаваў, яны адказвалі, што хутка канец і мы сустрэнемся для пераафармлення. Але ў адзін дзень заявілі, што машыну прадалі, кантакты не захаваліся, дзе яе цяпер шукаць – не ведаюць.

Гэта быў не вельмі прыемны момант, але змяніць нічога было нельга, ніякай магчымасці знайсці аўто я не меў. Перыядычна праглядваў аб’явы на аўтабарахолках, усё безвынікова. Гэта адбывалася ў 2016 годзе, калі ўжо пачалі з’яўляцца навіны пра штрафы па камерах, але мне ніводнага штрафу не прыходзіла. Я хоць і не вельмі хваляваўся, але меў на ўвазе, што ў мяне ёсць гэты аўтамабіль, і перыядычна спрабаваў яго шукаць.

На Mazda паездзіў нядоўга і трапіў у ДТЗ, пасля чаго вырашыў, што з машынамі мне не шчасціць і ездзіць пакуль не варта. Таму я прадаў яе і дастаткова працяглы час хадзіў пешшу.

У 2017 годзе таварыш прадаў мне за 250 даляраў Ford Fiesta 1984 года, на якім я ад'ездзіў паўтара года і збыў за тыя ж грошы. Падумаў, што цяпер магу дазволіць сабе маладзейшую машыну. Пасля ўзяў Chrysler Neon 1995 года – ён быў класны, вельмі падабаўся, але стаў занадта “ламучым” і дарагім у рамонце. Так што вырашыў зноў пашукаць для сябе Ford, бо з імі мне шчасціла больш.

У выніку ў 2019 годзе мы памянялі Chrysler на універсал Ford Escort 1996 года, на якім я езджу і зараз. Chrysler стаяў на ўліку на мне, я яго зняў і прадаў, аформіўшы рахунак-даведку. Ford я таксама аформіў з дапамогай гэтага дакумента. Дадаў прадаўцу 200 даляраў і на сябе ў ДАІ аформіў. Даплаціць прыйшлося, бо ў Chrysler былі праблемы і па матору, і па кузаву, а ў Ford – толькі па кузаву. Праўда, у Ford яшчэ саржавеў VIN, каб паставіць яго на ўлік, прыйшлося праводзіць экспертызу, але гэта не было клопатна.

"Стаўленне да машын, па якіх Гатава плача, было раней не такім сур’ёзным"

І вось настаў 2021 год, з’явіўся падатак, я ўспомніў пра гісторыю с Ford Scorpio. Знайшоў дакументы на машыну, якая стала "донарам", патэлефанаваў уласніку і адправіў іх поштай. Хаця машына была 1989 года (як потым высветлілася, дападатковая) і хвалявацца не было аб чым, але вырашыў, што мне няма сэнсу захоўваць дакументы у сябе. Яшчэ хацелася пазбавіцца і ад яго "брата" 1986 года, пра якога я нічога не ведаў ужо 5 гадоў.

Я вырашыў, што калі звестак пра машыну далей не будзе, выкарыстаю магчымасць зняць яе з уліку для ўтылізацыі па новым законе. Але неўзабаве Ford сябе праявіў: мне прыйшоў "лiст шчасця", хаця за ўсю маю кар’еру кiроўцы я аніразу не трапляў з парушэннем на камеру хуткасці. Як жа здзівіўся, калі ў асабістым кабінеце на сайце МУС убачыў "свой" Ford Scorpio, зафіксаваны камерамі ў Ліёзненскім раёне Віцебскай вобласці.

На сайце, дзе можна даведацца пра страхоўку, была інфармацыя, што машына застрахавана на месяц. Я звярнуўся ў офіс, дзе быў аформлены поліс, і там мне далі кантакты чалавека, які да іх звяртаўся. Пасля я патэлефанаваў яму, і ён расказаў, што адбывалася з машынай увесь гэты час. Высветлілася, што амаль 5 гадоў машына была ў яго, ён дарабіў яе, змяніў інжэктар на карбюратар і спакойна ездзіў у Расію, бо жыве каля мяжы. Магчыма, ён афармляў расійскую страхоўку, таму не трапляў у нас на камеры і я не бачыў яго ў базе. Але аднойчы яго машына для паездак па Беларусі была не на хаду, а трэба было некуды ехаць, таму аформіў страхоўку, і дзякуючы гэтаму ў мяне з’явілася магчымасць знайсці ўладальніка. Ён сказаў, што на ўлік ставіць аўтамабіль не хоча, і прапанаваў мне забраць дакументы і аформіць яго ва ўтыль, што я і зрабіў. Так урэшце пазбавіўся ад гэтай "мёртвай душы".

Большасць сваіх машын я афармляў па рахунку-даведцы, Mazda і Ford Fiesta – у МРЭА па дамове куплі-продажу. Наогул стаўленне да гэтых машын, па якіх Гатава плача, і да іх афармлення было раней не такім сур’ёзным, як, напрыклад, да машын за 5 і больш тысяч даляраў, дзе важна, каб не было пытанняў з боку падатковай інспекцыі. Але на цяперашні розум я больш не буду звязвацца з машынамі без належных дакументаў і афармляць рахункі-даведкі, а планую здзяйсняць здзелку толькі з дапамогай дамовы куплі-продажу ў ДАІ...

А як правільна?

Мы папрасілі нашага юрыста Яўгена Грачова напомніць, як правільна афармляць здзелку пры абмене аўтамабілямі і што можа адбыцца пры парушэнні парадку:

– Аўтамабіль можа змяніць уласніка рознымі спосабамі, у тым ліку і шляхам абмену. Аўтаўладальнікі называюць такі спосаб "ключ на ключ", але ў прававым полі гэта называецца дамовай мены. Яе форма зацверджана пастановай МУС і Мінюста №284/74, узор вы знойдзеце на афіцыйным сайце Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі, ў раздзеле "Адміністрацыйныя працэдуры па лініі ДАІ".

Вельмі важна нагадаць, што пры абмене аўтамабілямі гаворка ідзе аб змене ўласніка, і для гэтага транспартныя сродкі павінны быць знятыя з уліку. Далей павінна быць складзена дамова мены механічнага транспартнага сродку ў трох экзэмплярах, самае галоўнае – такая дамова павінна быць зарэгістравана ў ДАІ, як патрабуе таго ўказ прэзідэнта №504 "Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнню транспартных сродкаў".

Ніякіх копій пашпартоў, ліпавых рахункаў-даведак, "потым сустрэнемся і зарэгіструем" быць не павінна. У адваротным выпадку вам давядзецца адказваць за "грахі" іншых людзей. Гэта датычыцца і "лістоў шчасця" за перавышэнне хуткаснага рэжыму (у такіх выпадках адказвае ўласнік транспартнага сродку), і адказнасці за прычыненне шкоды ў выпадках ДТЗ, бо аўтамабіль – крыніца павышанай небяспекі, і гэта азначае, што ўласнік аўтамабіля нясе адказнасць за гэта. Агулам праблем можа быць шмат, у тым ліку не забываем, што ў гэтым годзе ўведзены транспартны падатак.

Лепш выдаткуйце больш часу і зарэгіструйце здзелку ў ДАІ, і тады не будзеце адказваць за дзеянні іншых.

Можа, і вам пашчасціць? Машыны да 2000 ў базе Аўтабізнеса